НАШИ ПРОЕКТЫ

ПрАКТика

Размышляй и обменивайся опытом!

RSS-материал

Наши партнеры

 

 

 

Follow ACTngo on Twitter

Беларуская грамадзянская супольнасць шукае платформу для камунікацыі

Ці можа Інтэрнет дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасці павялічыць свой уплыў у грамадстве? Як працаваць са СМІ, каб папулярызаваць ідэі няўрадавых структур і наладзіць камунікацыю паміж беларускімі НДА? Як паведамляе прэс-служба БАЖ, гэтыя ды іншыя пытанні абмяркоўваліся на канферэнцыі «Камунікацыйная платформа для эфектыўнай грамадзянскай супольнасці», што адбылася днямі ў Вільні.

«Зараз адбываецца ўключэнне Беларусі ў праграму Еўразвязу „Усходняе партнёрства“. Магчыма, праз пару гадоў Беларусь стане сябрам Рады Еўропы. Такія ідуць працэсы. І мы хочам, каб беларуская грамадзянская супольнасць стала іх удзельніцай», — падкрэсліў, адкрываючы канферэнцыю, прадстаўнік Дырэктарату па пытаннях дэмакратыі і палітыкі Рады Еўропы Пламен Нікалаў.

Бадай усе выступоўцы пагаджаліся з тым, што паўнавартасны ўдзел грамадзянскай супольнасці ў міжнародных працэсах магчымы толькі пры ўмове яе дастатковай уплывовасці ўнутры краіны. Каб павялічыць гэты ўплыў, найперш трэба наладзіць паўнавартасную камунікацыю паміж сабою і папулярызаваць свае ідэі сярод суграмадзян. Безліч магчымасцяў у гэтым плане адкрывае Інтэрнет.

Досведам і ідэямі наконт яго эфектыўнага выкарыстання дзяліліся беларускія сацыёлагі, палітолагі, журналісты, блогеры, што бралі ўдзел у канферэнцыі.

Напрыклад, журналіст і блогер Віктар Малішэўскі назваў благасферу «міні-мадэллю грамадзянскай супольнасці», дзе папулярнасць і ўплывовасць наўпрост залежыць ад здольнасці ўцямна данесці сваю думку да астатніх. Па яго назіраннях, мала хто з беларускіх экспертаў вядзе блогі, а калі і вядзе, дык звычайна гэтыя тэксты занадта «заштампаваныя», каб зацікавіць новых людзей. «Як журналістыцы часам не хапае «антыжурналістыкі», так і грамадзянскай супольнасці бракуе сваёй «антыграмадзянскай супольнасці», — зазначыў Віктар.

Акрамя блогінгу, удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі спосабы наладжвання камунікацый праз сацыяльныя сеткі ў Інтэрнеце. Пра тое, наколькі эфектыўным можа быць такі спосаб, сведчыць поспех перадвыбарнай кампаніі Барака Абамы, якога ўжо ахрысцілі «прэзідэнтам 2.0».

Кіраўнік лабараторыі аксіяметрычных даследаванняў «Новак» Андрэй Вардамацкі агучыў некаторыя вынікі сацыялагічных даследаванняў, якія сведчаць пра імклівае павелічэнне колькасці інтэрнет-карыстальнікаў у Беларусі. (Напрыклад, з 2002 па 2007 год колькасць «інтэрнаўтаў» ва ўзросце 15–29 гадоў павялічылася з 33 да 63%.)

Тым не менш, большасць з іх ідзе ў Сеціва не па грамадска-палітычную інфармацыю. «У насельніцтва Беларусі вельмі нізкая патрэба ў інфармацыі. Яна, з аднаго боку, не задаволеная, з іншага — не развітая. Гэтая праблема — следства „атамізацыі“, расколу грамадзянскай супольнасці», — лічыць Андрэй Вардамацкі. Пераадоленне гэтай «дваістай» сітуацыі і фармаванне актыўнай інфармацыйнай патрэбы, на думку А. Вардамацкага, можа стаць «глыбіннай сферай узаемадзеяння» беларускай грамадзянскай супольнасці і еўрапейскіх структур.

Сферы патэнцыйна паспяховага ўзаемадзеяння пералічаныя ў праекце рэзалюцыі, прынятай па выніках канферэнцыі: еўрапейскія каштоўнасці; СМІ (Інтэрнет і «традыцыйная» медыя); узаемадзеянне паміж НДА ўнутры Беларусі (пераадоленне штучных перашкодаў у камунікацыі паміж рознымі беларускімі НДА); рэлігійная сфера; правы чалавека; грамадзянская свядомасць (пераадоленне «атамізацыі» грамадства); дыялог — унутрыбеларускі і беларуска-еўрапейскі (не проста правядзенне дыялогавых мерапрыемстваў, але фармаванне глыбіннага разумення свайго партнёра па дыялогу) і г.д.

Найбліжэйшымі днямі, пасля належнай дапрацоўкі, рэзалюцыя будзе накіраваная ў еўрапейскія структуры.

Арганізатарамі сустрэчы ў Вільні выступалі Канферэнцыя Міжнародных няўрадавых арганізацый (МНГА) Рады Еўропы, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, інтэрнет-праект «Наше мнение», Інфармацыйнае бюро Рады Еўропы ў Вільні, а таксама Фонд абароны грамадзян (Літва).

Rating All.BY

Rambler's Top100