НАШИ ПРОЕКТЫ

ПрАКТика

Размышляй и обменивайся опытом!

RSS-материал

Наши партнеры

 

 

 

Follow ACTngo on Twitter

Даклад недзяржаўных экспертаў Пяткевіч прачытала раней за ААН

Распрацоўшчыкаў дакладу па правах чалавека ў Беларусі для ААН з боку грамадскай супольнасці сёння выклікалі для размовы да першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч.

Нагадаем, даклад па правах чалавека для ААН рыхтуецца адначасова і з боку дзяржавы, і з боку грамадзянскай супольнасці. За дзяржаву “адпісваецца” Міністэрства замежных спраў. Грамадзянскую супольнасць Беларусі прадстаўляў цэлы шэраг недзяржаўных арганізацый. Але галоўную частку працы ўзялі на сябе Беларускі Хельсінкскі камітэт і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Як паведаміў Еўрарадыё старшыня БХК Алег Гулак, іх даклад яшчэ не канчаткова падрыхтаваны і не адасланы ў ААН. А вось у Адміністрацыі прэзідэнта яго ўжо, відаць, чыталі. Праўда, кажа ён, прапанову з боку Пяткевіч сустрэцца і абмеркаваць бачанне прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, яны ўспрынялі спакойна.

Алег Гулак: “Мы бачым шмат крытычных сітуацый і шмат праблем, якія адлюстроўваем у нашай справаздачы, але наша мэта не ў тым, каб проста крытыкаваць краіну, а ў тым, каб сітуацыя развівалася і паляпшалася. Мы лічым, што карысна абмяркоўваць наша бачанне праблем, іх бачанне сітуацыі. І паспрабаваць знайсці нейкае паразуменне там, дзе гэта магчыма. І каб нейкія праблемы можна было вырашаць. Тады мы з задавальненнем будзем гаварыць, што праблемы вырашаюцца”.

Нягледзячы на тое, што незалежныя праваабаронцы і юрысты ішлі ў Адміністрацыю пагаварыць і паспрабаваць вырашыць некаторыя надзённыя пытанні, размова, кажа намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец, атрымалася амаль аднабаковая.

Андрэй Бастунец: “Па вялікім рахунку, яна (Пяткевіч — Еўрарадыё) больш слухала, чым адказвала на пытанні. Хаця і былі моманты дыскусіі. Але ў асноўным — гэта быў расповед нашай пазіцыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі цягам апошняга часу”.

Напрыклад, прадстаўнік БАЖ так і не атрымаў адказу на спробу высветліць, чаму апошнім часам журналістам перашкаджаюць працаваць.

Андрэй Бастунец: “Я звярнуў на гэта ўвагу — на тое, што апошнім часам адбываецца такі адкат назад і што тычыцца рэгістрацыі, і што тычыцца працы журналістаў падчас масавых акцый. Я выказаў сваё стаўленне да таго, што адбываецца. Гэта інфармацыя… была пачутая, прынята да ведама, але што тычыцца перашкодаў журналісцкай працы, ніякага адказу не было. Ды і цяжка ўявіць, якім там мог быць адказ”.

Па словах Алега Гулака, Пяткевіч не патрабавала ад прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый нешта выкінуць альбо змягчыць у сваім дакладзе ААН. Вось толькі і адказу на тое, ці атрымаецца супрацоўніцтва, на якое так спадзяюцца прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, з гэтай сустрэчы, па яго словах, няма.

Алег Гулак: “Мы агучылі праблемы, абмеркавалі падыходы. Мы выказалі свае, а пачулі ў адказ думкі прадстаўніка дзяржавы. Па некаторых пытаннях ёсць разуменне, што трэба супрацоўнічаць шчыльней і распрацоўваць нейкія тэмы. Паглядзім, ці выльецца гэта ў нейкія больш рабочыя планы. Пакуль цяжка сказаць”.

У адным жа недзяржаўныя эксперты ўпэўненыя на сто адсоткаў — іх даклад ААН па праблемах правоў чалавека будзе значна адрознівацца ад даклада, падрыхтаванага МЗС Беларусі.

Паводле belradio.fm

Rating All.BY

Rambler's Top100