НАШИ ПРОЕКТЫ

ПрАКТика

Размышляй и обменивайся опытом!

RSS-материал

Наши партнеры

 

 

 

Follow ACTngo on Twitter

«Трэці сектар» — трэці лішні?

Напярэдадні новага 2010 года Еўропа абвясціла рэзалюцыю па Беларусі. Падзея гэтая была чаканай ды інтрыгоўнай. Бо мала хто мог спрагназаваць, што ж будзе ў дакуменце, сыходзячы з тэорыі і практыкі беларускай рэальнасці і еўрапейскага стаўлення да яе. Грамадская супольнасць за гэты год у многіх выпадках апынулася «за бортам» не толькi ў дыялогу Беларусь-Еўрасаюз, але i ў самой Еўропе.

Чырвонай ніткай праз 2009 год праходзіла абвешчаная беларускім урадам «лібералізацыя». Увасаблення гэтага слова ў жыццё чакалі па абодва бакі: як з боку еўрапейскага, так і з беларускага.

Санкцыi ўбок

Грамадзянская супольнасць у Беларусі чакала, што афіцыйны Мінск сапраўды прыслухаецца да патрабаванняў Еўрасаюзу, і дэмакратычныя каштоўнасці хаця б паціху стануць увасабляцца ў беларускую рэчаіснасць: магчыма стане зарэгістраваць грамадскую арганізацыю і набыць афіцыйны легальны статус тым НДА, якія існуюць нелегальна або рэгіструюцца за мяжой.

Еўропа, на меркаванне шматлікіх беларускіх экспертаў, таксама стамілася ад безвыніковасці санкцый карных і спадзявалася, што знойдзецца нагода, каб гэтыя санкцыі скасаваць. Але на практыцы заемадачыненні паміж прадзяржаўным сектарам беларускага грамадства і сектарам «трэцім», грамадзянскай супольнасцю, набылі нечаканы паварот.

Раней на Еўропу спадзяваліся, як на той рычаг, які можа дапамагчы (прымусіць) дэмакратызаваць пэўныя механізмы, алгарытмы супрацоўніцтва ў міжнародных праектах.

Дэкларацыя аб намерах

І час ад часу гэтыя надзеі былі цалкам апраўданыя — працавалі. Але дэкларацыю аб лібералізацыі ў еўрапейскіх варунках шмат якія чыноўнікі ўспрынялі як факт. На практыцы гэта стала выглядаць гэткім чынам, прыводзіць прыклад Ірына Сухій, старшыня Рады грамадскага аб’яднання «Экадом», актывістка экалагічнага руху Беларусі:

«Праблема непаразумення з еўрапейскімі калегамі і Еўрапейскай камісіяй у прыватнасці ў тым, што яны ўспрымаюць нас як рэалізатараў тых ці іншых праектаў, а не як раўнапраўных удзельнікаў на ўзроўні фармавання палітыкі. Апроч таго, Еўракамісія рэалізуе шмат буйных праектаў праз супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі ўлады. І для іх гэты сектар прыкладання высілкаў — прыярытэтны.

Вось яркі прыклад з маёй практыкі. Прыехалі еўрапейскія эксперты, якія займаліся стварэннем Нацыянальнага плану ў сферы развіцця альтэрнатыўных крыніц энергіі да 2012 года. У гэтым плане быў пункт па зменах палітыкі. І прадстаўнікі Еўракамісіі кажуць нам, прадстаўнікам НДА, што яны бачаць нашую, грамадскіх арганізацый, ролю ў тым, каб ажыццяўляць пілотныя праекты, распаўсюджваць інфармацыю аб аднаўляльнай энергіі, яшчэ нешта… Я пытаюся: «А як наконт першага кампаненту праекту, перагляду палітыкі?» — «А што?» — пытаюць мяне еўрапейскія калегі. — «Ну як? Беларусь ратыфікавала Орхускую канвенцыю, у адпаведнасці з ёй грамадскасць мусіць браць удзел у распрацоўцы праграм і палітыкі». — «Ну… Мы не ведаем, як там і што, але ў Міністэрстве аховы навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў катэгарычна супраць удзелу грамадскасці».

І ўзнікае як быццам правамоцнае пытанне: які можа яшчэ быць шлях, апроч патрабавання ад нашых дзяржаўных структур супрацоўнічаць з прадстаўнікамі экалагічных арганізацый? Толькі так, патрабуючы ў кожным праекце стварэння агульнай прасторы ўзаемадзеяння, можна зрабіць гэтую практыку нормай».

«Лібералізец»

З вострых выказванняў наконт беларускай рэальнасці адным з самых заўважных сёлета сталася меркаванне Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Вугорскай Рэспублікі ў Беларусі Фэрэнца Контры:

«На саміце ў Празе па «Усходнім партнёрстве» прадстаўнік Беларусі пагадзіўся з дэкларацыяй, дзе гаворыцца пра тое, што аснова супрацоўніцтва — гэта агульныя каштоўнасці, дзе гаворыцца пра неабходнасць павышэння ў краінах-партнёрах узроўню дэмакратыі, свабоды слова, свабоды друку, свабоды палітычных партый. Але калі я бачу па тэлебачанні, што на Кастрычніцкай плошчы даволі часта збіваюць маладых людзей (падкрэслю — мірных дэманстрантаў), то ўзнікае пытанне, што браць пад увагу: словы ці тое, што паказваюць тэлекамеры. Калі людзі ў цывільным закрываюць камеры — відаць, ім нязручна, каб гэтыя камеры там былі.

Калі журналістам перашкаджаюць выконваць свае прафесійныя абавязкі... Атрымліваецца, што гэтыя людзі не зацікаўленыя ў тым, каб паміж нашымі краінамі было добрае супрацоўніцтва. Вось што перашкаджае супрацы ў палітычным плане».

Пад канец года лібералізацыю, абвешчаную ў Беларусі, Павал Севярынец, адзін з лідэраў партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», вызначыў як «лібералізец». Бо ў рэгістрацыі БХД Міністэрства юстыцыі адмовіла. Спаслаўшыся на дзіўныя і сумнеўныя, паводле грамадскіх актывістаў, прычыны.

Таксама пад канец года з юрыдычнага факультэту БДУ выключылі Таццяну Шапуцьку. «Ініцыятары адлічэння Таццяны не хаваюць, што падставай для такіх жорсткіх адміністрацыйных захадаў стала яе грамадская дзейнасць, а менавіта ўдзел у першым Форуме грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства», — пішуць у адкрытым лісце падтрымкі беларускія палітолагі. І гэта тое самае «партнёрства», ва ўдзеле ў якім афіцыйны Мінск дэкларуе шчырую зацікаўленасць.

Чатыры гадзiны пад снегам

Увосень адбыліся грамадскія слуханні ў Астраўцы, дзе тэарэтычна ў адпаведнасці з Орхускай канвенцыяй павінны былі абмеркаваць праект будаўніцтва АЭС у Беларусі. Абмеркаванне было вельмі ўмоўным — прадстаўнікоў грамадскай супольнасці ў залу не пусцілі. А расійскі эколаг Андрэй Ажароўскі нават трапіў за краты — з абвінавачаннем у хуліганстве.

Ніякіх праяў дэмакратыі ў фармальным увасабленні дэмакратычнага працэсу грамадскіх слуханняў не было, і з гэтага доўга яшчэ абураліся прадстаўнікі як беларускага, так і еўрапейскага боку.

Але падзеі ў Капенгагене, падчас Канферэнцыі ААН па змене клімату, прымусілі задумацца над правамоцнасцю чаканняў ад Еўропы зусім у іншых варунках, чым раней. Адбылася мірная дэманстрацыя пратэсту. Мiтынгоўцы выказвалі сваю нязгоду з тым, што на канферэнцыю не могуць патрапіць некалькі тысяч акрэдытаваных удзельнікаў — прадстаўнікоў розных грамадскіх арганізацый свету.

Падчас акцыі пратэсту затрымалі каля тысячы асоб. Сведкі кажуць, што пры затрыманні паліцыя ўжывала гвалт. Каля 900 чалавек ужо звярнуліся ў праваахоўныя арганізацыі.

Сведка і ўдзельніца падзей Ірына Сухій распавядае:

«Мы проста прастаялі на вуліцы перад дзвярыма цэлы дзень, на пэўны момант да нас выйшлі і сказалі: «Вы праявіце цярпенне, вам давядзецца пачакаць ад 2 да 6 гадзін, каб патрапіць унутр». Сказалі б праўду — што вы нікуды не патрапіце — ідзіце. А так усе спадзяваліся, што ўсё вырашыцца, стаялі і чакалі да апошняга пад дажджом і снегам. І дачакаліся, пакуль да нас выйшлі, падзякавалі за цярплівасць і развіталіся. Там палова народу наогул папросту расплакалася. Ад крыўды, ад расчаравання...»

Узнікае пытанне: і ў чым жа розніца паміж апошнім дыктатарскім у Еўропе рэжымам і дэмакратычнай канферэнцыяй ААН?

Спадзяванні застаюцца

І напрошваецца выснова. На канферэнцыю зарэгістравалі 21 тысячу удзельнікаў. З іх 12 тысяч — прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый і проста аглядальнікі. Арганізатары ведалі, колькі акрэдытавалі людзей, і мусілі разумець, колькі іх прыйдзе. Натуральна, прыходзіш да думкi, што гэта было палітычнае рашэнне. І ў Еўропе таксама не трэба занадта шмат грамадскіх арганізацый на такіх імпрэзах — каб не заміналі. Такое ўражанне, што ААН не зацікаўлена ў меркаваннях НДА, нашмат болей радыкальных за дзяржаўных дэлегатаў і больш зацікаўленых у захаванні клімату.

Падобна, што «трэці сектар» — ён трэці лішні не толькі паміж Еўропай і Беларуссю, але i калі адна палітычная сіла дамаўляецца з палітычнай сілай другой.

Прынятую ў дачыненні беларускiх улад рэзалюцыю Еўрапарламенту эксперты называюць жорсткай, але справядлівай. У ёй iзноў гучаць патрабаваннi рэфармаваць выбарчае заканадаўства, дазволiць рэгiстрацыю партый ды НДА, зрабiць добрыя ўмовы для СМI i г. д. Спадзяванні на тое, што гэтыя патрабаванні будуць выкананыя — застаюцца. Ці адбудуцца змены ў рэальнасці, а не на словах — як заўсёды, пакажа час.

Юлія Снег
16-ы выпуск PDF-часопіса "Новая Эўропа"

p.s. Гэты і іншыя артыкулы чытайце, калі ласка, у 16-м выпуску PDF-часопіса "Новая Эўропа"

Rating All.BY

Rambler's Top100