actngo.info
Наши баннеры
Who's online
Улада, грамадзкая апінія, мэдыі, трэці сэктар і палітычныя партыі
2009-11-03 14:09
Выступ філёзафа Алеся Анціпенкі на “круглым стале” “Разьвіцьцё ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі”, які адбыўся 29 кастрычніка 2009 г.
Калі мы гаворым пра тэндэнцыі разьвіцьця грамадзтва, то, насамрэч, звычайна маюцца на ўвазе а) зьмены ў сацыяльнай, палітычнай, эканамічнай ды іншых сфэрах, б) кірункі, у якіх гэтыя зьмены адбываюцца, і в) тыя, хто гэтыя зьмены ажыцьцяўляе, то бок актары, як сёньня модна казаць.
Галоўны актар зменаў у краіне - улада
Няма ніякага сумневу, што ўжо ад даўняга часу галоўным актарам зьменаў у нашай краіне зьяўляецца дзейная ўлада, то бок прэзыдэнт ды афіцыйная палітычная і эканамічная эліта. Лішне казаць, што ўсе астатнія актары, пералічаныя ў назьве майго выступу, маюць непараўнальна меншую вагу, з чаго некаторых зь іх улада папросту ігнаруе.
Варта прызнаць і тое, што сёньняшні калідор мажлівасьцяў быў створаны не апазіцыйнымі палітычнымі партыямі і не дзейнасьцю няўрадавых арганізацыяў, а лёгікай разьвіцьця самой улады, якая, дзеля свайго захаваньня вымушана шукаць дадатковыя рэсурсы на гэты раз ня толькі ў Расеі, але і на Захадзе. А парадокс сытуацыі палягае ў тым, што так званая “лібералізацыя”, спроба нармалізацыі стасункаў з Захадам ды іншыя вымушаныя меры маюць шанец ператварыцца для краіны ў цалкам верагодны вектар эканамічнага і палітычнага разьвіцьця.
Роля НДА можа павялічыцца?
Можна тут сказаць, што я агучваю амаль банальныя рэчы. Але я раблю гэта наўмысна. Бо, бадай што ўпершыню, галоўная праблема для краіны палягае не ў прыродзе сёньняшняй палітычнай улады, а ў якасьці сёньняшніх апазыцыйных элітаў, палітычных партыяў і якасьці трэцяга сэктара. Да нядаўняга часу гэтую праблему прынята было дыпляматычна абыходзіць. Маўляў, так, партыі ў нас нешматлікія, але добра што яны ёсьць хоць такія. Было б горай, калі б іх не было ўвогуле. Так, мітынгі яны зьбіраюць па некалькі сотняў чалавек, але калі б ня жорсткія рэпрэсыі сілавых структураў, дык на вуліцы вышлі б дзясяткі, а то і сотні тысячаў людзей.
Між тым было добра вядома, што ад другой паловы 90-х гадоў уплыў апазіцыйных партыяў на грамадзтва няўхільна зьмяньшаўся. Вяршыняй неадэкватнасьці разуменьня таго, што адбываецца ў грамадзтве можна лічыць нядаўнія негатыўныя ацэнкі некаторымі палітычнымі партыямі ды вядомымі апазыцыйнымі палітыкамі шэрагу ініцыятываў Эўразьвязу , у прыватнасьці Праграмы Усходняга партнэрства, ды распачатага дыялёгу з Лукашэнкам.
Што да падтрымкі грамадзтвам, падобную сытуацыю падзяляе і трэці сэктар краіны. Лішне казаць, што ягоны сацыяльны капітал, за выключэньнем некаторых асобных НДА, насёньня проста мізэрны. А сам ён усё ніяк ня можа выйсьці з ценю палітычных партыяў.
Часам такое становішча тлумачаць рэпрэсыўнымі дзеяньнямі ўлады ды рознымі абмежавальнымі захадамі, якія рабіліся ёй супраць як палітычных партыяў, так і грамадзкіх арганізацыяў. Гэта безумоўна праўда. Рэпрэсіі і захады былі, але гэтыя рэпрэсіі аніяк не тлумачаць іншага факту, а менавіта таго, што лукашэнкаўскі рэжым і па сёньня мае шырокую сацыяльную падтрымку, а Аляксандар Рыгоравіч – высокі палітычны рэйтынг, пра што сьведчаць розныя незалежныя сацыялягічныя крыніцы.
Гэткім чынам, маючы на ўвазе новую сытуацыю ў краіне, якая ў першую чаргу абумоўлена палітычным банкруцтвам ідэі так званай саюзнай дзяржавы і распачатым дыялёгам з Захадам, надзвычай актуальнай задачай зьяўляюцца зьмены ўнутры саміх палітычных і непалітычных актараў беларускага грамадзтва. Больш за тое, бяз гэтых зьменаў у кірунку адэкватнага разуменьня сытуацыі ў краіне і адпаведна адэкватнага дзеяньня шмат якія магчымасьці, што адкрывае Праграма Усходняга партнэрства ды іншыя працэсы, могуць аказацца страчанымі. У гэтым сэнсе варта вітаць стварэньне Беларускага незалежніцкага блёку, які адлюстроўвае той факт, што ў выніку вядомых падзеяў, на якія я ўжо спасылаўся, для беларускага грамадзтва сталася зноў актуальнай праблема геапалітычнага выбару.
Задачы трэцяга сэктара сёньня
Вышэй я ўжо закранаў становішча трэцяга сэктара ў краіне. Калі казаць пра зьмены ўнутры самога трэцяга сэктара, дык адной з важных задачаў зьяўляецца ягоная дэпалітызацыя. Відавочна, што падзяленьне роляў паміж палітычнымі партыямі і НДА палягае ня ў тым, што апошнія дапамагаюць апазыцыйным партыям прыйсьці да ўлады, а ў тым, каб адстойваюць дэмакратычныя каштоўнасьці. А падчас выбарчых кампаніяў - самую магчымасьць свабоднага і дэмакратычнага выбару. З гэтай задачы вынікае і неабходнасьць пераасэнсаваньня ролі НДА і трэцяга сэктара ў Беларусі, гэтак жа сама як і неабходнасьць фармулёўкі новай стратэгіі, скіраванай не на паляпшэньне ўмоваў сваёй дзейнасьці, як тое ўтрымлівае праект новай стратэгіі Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, а на заваяваньне і пашырэньне грамадзкай падтрымкі дзейнасьці НДА.
Гэткім чынам, замест заангажаванасьці ў дзейнасьць палітычных партыяў, што было асабліва характэрна да 2004 года, новым базысам дзейнасьці НДА мусіла б стацца артыкуляцыя сутнасных інтарэсаў розных сацыяльных і культурніцкіх груповак ды іх публічная прамоцыя і абарона vis-à-vis розных дзяржаўных органаў і інстытуцыяў. Яшчэ адной задачай, што актуальным для трэцяга сэктару ёсьць разьвіцьцё гарызантальных сувязяў і камунікацыі, найлепшай падставай для чаго зьяўляецца супольная дзейнасьць.
Нарэшце, аднолькавай задачай як для трэцяга сэктару, так і палітычных партыяў застаецца тое, што па-ангельску называецца capacity building. У вольным перакладзе гэта будзе гучаць як нарошчваньне цягліцаў і падвышэньне эфектыўнасьці дзеяньня. І гэты працэс мае быць сувымерны маштабнасьці мэтаў, без чаго посьпех заўсёды праблематычны. А адной з тыповых недарэчнасьцяў практычна ўсіх мінулых выбарчых кампаніяў была неадпаведнасьць бравурных заяваў аб будучай перамозе наяўным сродкам (гаворка ідзе не пра фінансы) ды тое, што пераможныя заявы кантраставалі з негатовасьцю грамадзтва да пераменаў.
Ці хоча беларускае грамадзтва пераменаў
У гэтым пункце варта таксама зьвярнуцца да яшчэ аднаго актара, пазначанага вышэй, – грамадзкай апініі і задаць наступнае пытаньне, а ці сапраўды беларускае грамадзтва хоча пераменаў? Альбо пытаньне можна сфармуляваць так: ці існуе ў грамадзтве хоць якое сур’ёзнае палітычнае, сацыяльнае ці эканамічнае напружаньне, якое сталася б крыніцаў хоць якіх сацыяльных і палітычных трансфармацыяў у агляднай будучыні?
Мой адказ “не”. Часткова ён базуецца на тым, што большасьць беларускага насельніцтва хутчэй задаволена, чым не задаволена эканамічным станам рэчаў. Па-другое, апазыцыйныя настроі ў грамадзтве не зьяўляюцца масштабнымі і не маюць хоць якой сур’ёзнай рэпрэзентацыі на ўзроўні палітычных партыяў. І нарэшце, інэрцыя стэрэатыпнага мысьленьня і ацэнкі масавай сьвядомасьцю сытуацыі ў краіне настолькі моцная, што нават эканамічны крызіс ня здолеў пахіснуць веру значнай колькасьці насельніцтва краіны ў эфэктыўнасьць лукашэнкаўскай эканамічнай мадэлі.
Як слушна заўважае ў адным са сваіх апошніх аналітычных дакладаў сп. Ляховіч: “Improvement of socio-economic situation was taking place during quite a long period of time (since 1996 till September 2008) in Belarus. The GDP increased 2.3 times and real income of population increased 4.7 times then. The Belarusian society became a consumer society under Lukashenka’s rule. Quite a few Belarusian citizens believe that Lukashenka’s regime has proven true its capacity for ensuring the improvement of the people's well-being.” [1]
Беларуская мэдыясфэра
Нарэшце, са спісу пазначаных актараў застаюцца мэдыі. Як паказала праведзенае мною разам з Валянцінам Акудовічам і Максімам Жбанковым дасьледаваньне "Зьмест друкаваных мэдыяў і запатрабаваньні аўдыторыі", недзяржаўныя мэдыі маюць некаторыя праблемы, зьвязаныя з тым, што запрапанаваныя імі інфармацыйныя пакеты далёка не заўсёды адпавядаюць чаканьням аўдыторыяў. Тое азначае, што іхні ўплыў на грамадзтва даволі абмежаваны і ня толькі з тае прычыны, што на шляху здабыцьця збору і распаўюду інфармацыі ды, увогуле разьвіцьця недзяржаўнай прэсы, улады стварылі шэраг істотных перашкодаў.
Варта таксама мець на ўвазе, што інфармацыйныя патрэбы самаго грамадзтва дастаткова нізкія, што адлюстроўвае сытуацыю адсутнасьці рэальнага палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага выбару для большасьці беларускага насельніцтва.
Разам з тым у беларускай мэдыясфэры адбываюцца ўсё ж і некаторыя пазітыўныя зьмены. Перадусім гаворка ідзе пра тое, што ў выніку роста сэлектыўнасьці ў спажываньні інфармацыі (перадусім дзякуючы свабоднаму доступу да інтэрнэта, які ўвесь час пашыраецца, і прысутнасьці ў ім шэрагу нецэнзураваных крыніцаў інфармацыі) аб’ектыўна адбываецца паслабленьне ідэалягічнага ўплыву дзяржаўных СМІ. Па-другое, паступова ўзмацняецца альтэрнатыўная грамадзкая апінія, пра што сьведчыць як рост крытычных і, як правіла, добра аргумэнтаваных допісаў на розных недзяржаўных і дзяржаўных інтэрнэт-форумах, так і жаданьне розных аўдыторыяў атрымліваць рознабаковую і незаангажаваную інфармацыю. Па-трэцяе, у зьвязку з некаторым нарастаньнем пачуцьця трывогі ў беларускім грамадзтве і ростам нявызначанасьці будучыні ў выніку эканамічнай крызы ў беларускім грамадзтве будзе паступова падвышацца запатрабаванасьць у альтэрнатыўнай (г.зн. непрапагандысцкай, незаангажаванай і рознабаковай) інфармацыі.
Названае дасьледваньне выявіла таксама і яшчэ адзін сымптаматычны факт: цікавасьць аўдыторый шэрагу недзяржаўных газэтаў да дзейнасьці апазыцыі знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Інакш кажучы, для значнай колькасьці беларускага насельніцтва беларуская палітычная апазыцыя не зьўляецца ньюсмэйкерам і зь ёй яно пакуль аніяк не зьвязвае хоць якія чаканьні пераменаў у нашым грамадзтве.
Высновы
Са сказанага зраблю толькі адну выснову практычнага характару. Апазыцыйныя палітычныя партыі мусяць адмовіцца ад хоць якіх ілюзый прыйсьці да ўлады ў найбліжэйшай пэрспектыве, а падчас будучых прэзыдэнцкіх выбараў іхнімі задачамі мусяць перадусім стацца а) эфектыўнасьць дзеяньня, б) выразная артыкуляцыя новай візіі будучай Беларусі, в) істотнае пашырэньне электаральнай базы і г) арганізацыйнае ўмацаваньне.
[1] Development of Situation in Belarus in July – August 2009: Main Events and Comments. Minsk, 2009. P. 2.
Паводле www.arche.by
Новости АКТа
- Встреча 27 июля: Влиять на законодательство - это реально
- Министерство экономики: НКО могут участвовать в процедуре государственных закупок
- XVIII Международная конференция по вопросам ВИЧ/СПИДа в Вене
- Рабочая встреча по проекту Закона «О некоммерческих организациях» [27 июля]
- Обращение к белорусским НКО. Вносим предложения в проект Закона «О некоммерческих организациях»
- Диалог в корпоративных джунглях, или Чему может научить любознательного менеджера канал Animal Planet?
- Искусство и культура диалога
Подобные материалы
- Книга "Повышение доверия к некоммерческим организациям: российский контекст" (2010)
- Книга "ПрАКТические идеи устойчивости некоммерческих организаций"
- Наследие как объект и субъект гражданского общества
- Инфраструктура третьего сектора: стратегические направления
- Стратегии развития организационного потенциала белорусских НКО
- Бюллетень БАСР № 130
- Конференция «5 лучших идей устойчивого развития НКО» состоялась!
