Чым жыве трэці сэктар? Бліц-апытаньне грамадзкіх лідэраў
2008-03-21 20:25
Падчас усебеларускага сходу ў 2006 годзе прэзыдэнт заявіў: "Вельмі важна, каб у дзяржаве ўсё большую ролю гралі такія структуры грамадзянскай супольнасьці, як мясцовыя саветы, прафсаюзы, моладзевыя і вэтэранскія арганізацыі". Што да альтэрнатыўных арганізацыяў - па-ранейшаму ацэнка іх дзейнасьці ажыцьцяўляецца ці не ў вайсковай тэрміналёгіі: "здраднікі", "шпіёны", "грантасмокі"...
Наступны 2007 год ахарактарызаваўся, з аднаго боку, працягам наступу на незалежнае грамадзтва, а зь іншага - спробамі шэрагу незарэгістраваных арганізацыяў легалізавацца. Такім чынам, на фоне дэкляратыўных заяваў уладаў адносна фармаваньня і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці назіраецца замацаваньне кантролю за ейнымі інстытуцыямі. А што самі грамадзкія актывісты думаюць пра гэта? Наколькі ім як грамадзкім актывістам (ці іх арганізацыям) удалося рэалізаваць пляны ў 2007? Як яны вызначаюць ролю сваёй грамадзкай дзейнасьці (арганізацыі) у вырашэньні сацыяльна важных праблемаў і задачаў свайго рэгіёну? Як яны ацэньваюць дзеяньні ўладных органаў у дачыненьні да сябе (грамадзкай арганізацыі)?
Алімпіяда, грамадзкая арганізацыя "Новая група".
Цяпер
нашая арганізацыя рэалізуе вялікі праект. Адна з тэматык гэтага праекту
- сацыяльныя ўлучэньні. У межах гэтага праекту мы займаліся шматлікімі
невялікімі лякальнымі: працавалі летась са сьляпымі дзецьмі, дзіцячымі
дамамі, падлеткамі зь цяжкіх сем'яў і зь дзецьмі, чые бацькі зьведалі
палітычныя рэпрэсіі. Але ўся гэтая праца мела лякальны і кропкавы
характар. Мы ня можам ладзіць вялікія рэспубліканскія мерапрыемствы, бо
незарэгістраваныя, дый сёньня мы ня зможам канкураваць з БРСМ. Аднак
калі параўноўваць нас са шматлікімі моладзевымі арганізацыямі
сацыяльнага кірунку, якія цяпер проста імкнуцца выжыць і нічога больш
ня робяць, можна сказаць, што летась мы былі вельмі актыўныя. У
сытуацыі, што склалася зь няўрадавымі арганізацыямі, наш дэвіз гучыць
так: "Думай глябальна і на будучыню, а рабі лякальна".
Практычна
ўсё, задуманае на 2007 год, мы рэалізавалі, бо плянавалі рацыянальна і
цьвяроза, улічваючы сваё становішча. Хоць ёсьць і шмат праблемаў. Мы не
заўсёды можам прыйсьці ў школы ці ВНУ да маладых людзей з-за
манапалізацыі БРСМ. Але ўсё роўна шукаем шляхі і, як правіла, знаходзім
- часта ня можам сказаць, што мы грамадзкая арганізацыя, а называемся
студэнтамі і г. д.
Ніякага ўзаемадзеяньня з уладамі ў нас няма.
Летась улады збэсьцілі адно з нашых мерапрыемстваў - археалягічны
лягер, забараніўшы навуковаму кіраўніку з Нацыянальнай акадэміі навук
працаваць з намі. Апроч таго, быў афіцыйны загад усе археалягічныя
раскопкі праводзіць толькі з БРСМ.
Іван Шыла, кіраўнік салігорскай філіі "Маладога Фронту".
Салігорскі
"Малады Фронт" нельга ў поўнай ступені назваць арганізацыяй, хаця мы
часта пазыцыянуем сябе менавіта так. Але ж хутчэй мы палітызаваная
тусоўка, што займаецца правядзеньнем грамадзка-палітычных
мерапрыемстваў. Выдаем газэту, маем пэўныя традыцыі. Мы не вызначаем
стратэгіі на год, толькі пляны на бліжэйшую пэрспэктыву, то бок ня
больш чым на некалькі месяцаў. Праз адсутнасьць сыстэматызаванасьці,
структурызацыі, сталых крыніцаў фінансаваньня і, натуральна, вялікай
колькасьці валянтэраў, цягам году мы зьдзейсьнілі толькі 10% ад таго,
што меркавалі. Тым ня менш, нават такая колькасьць рэалізаваных плянаў
дазваляе нам сьцьвярджаць, што ў параўнаньні зь іншымі няўрадавымі
арганізацыямі мы застаемся найбольш вядомай, дзейснай і ўплывовай сілаю
ў нашым рэгіёне. Прыкладам, мы правялі перадсудовую кампанію "Абаронім
моладзь - абаронім будучыню", сабралі подпісы за беларусізацыю
гарадзкога транспарту.
Мы незарэгістраваная арганізацыя і
фактычна ня маем магчымасьцяў граць пэўную ролю ў вырашэньні сацыяльных
праблемаў у нашым рэгіёне. Для большасьці структураў мясцовых кіроўных
органаў мы сталіся пэрсонамі нон грата. Аднак, пераадольваючы забароны,
мы правялі сэрыю гістарычных віктарынаў, аўдыторыя якіх - больш за 600
чалавек, зладзілі некалькі дабрачынных акцыяў. Ледзьве ня кожнае нашае
мерапрыемства адбываецца пад пільным наглядам міліцыі. У большасьці
выпадкаў акцыі сканчаюцца затрыманьнямі. За год сяброў салігорскага
"Маладога Фронту" затрымлівалі больш за 60 разоў, у дачыненьні да нашых
актывістаў склалі больш за 30 адміністратыўных пратаколаў, што ня можа
не адбівацца на колькасьці ўдзельнікаў акцый, прыхільнікаў арганізацыі.
Не аднойчы пра нашую дзейнасьць пісалі ў мясцовай прэсе. Аўтары
публікацыяў крытычна ацэньваюць нас і нашыя дзеяньні. Гэта ўплывае і на
грамадзкую думку.
Яўген Іванюк, старшыня моладзевай арганізацыі "Задзіночаньне беларускіх студэнтаў".
Зьдзейсьніць
задуманыя пляны мы змаглі толькі часткова. Па-першае, адбылася зьмена
кіраўніцтва, што стварыла замінкі ў дзейнасьці. Па-другое, было шмат
перашкодаў з боку ўладаў. Сёлета нашыя мерапрыемствы тычыліся адмены
ільготаў: распаўсюджвалі інфармацыю, ладзілі вулічныя акцыі. Але ад
студэнтаў мы не адчулі зваротнай сувязі, асаблівай актыўнасьці яны ня
выявілі. Падчас мясцовых выбараў праводзілі кампанію "Не заганяйся!",
якая была скіраваная на пратэст супраць прымусу студэнтаў галасаваць
датэрмінова. Культурніцкія акцыі прайшлі пад меншым наглядам уладаў. А
вось правядзеньне летніка нам сарвалі - прыехалі міліцыянты і прымусілі
згарнуць лягер. Вялікія перашкоды і ад таго, што ня маем свайго
памяшканьня.
Уладныя органы імнуцца ва ўсім замінаць нам. За гэты
год нашыя актывісты атрымалі 11 папярэджаньняў з пракуратуры аб
адказнасьці за дзеяньне ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Супрацоўнікі спэцслужбаў забіралі актывістаў зь лекцыяў, выклікалі на
размовы ў дэканат. У мяне складваецца ўражаньне, што ўлады баяцца любой
актыўнасьці грамадзянаў, любых аб'яднаньняў, асабліва гэта тычыцца тых
ініцытываў і аганізацыяў, дзейнасьць якіх грунтуецца на нацыянальнай
культуры і гістарычным досьведзе, беларушчыне.
Аляксандар Каралёў, юрыст незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (Магілёў).
2007
год быў для нашай арганізацыі ў пэўнай ступені пасьпяховы. Найперш
таму, што мы здолелі стварыць моладзевыя філіі арганізацыі ў трох
унівэрсытэтах. Моладзь ня толькі папоўніла нашыя шэрагі, але й актыўна
працавала, рэалізоўвала свае праекты. Спадзяюся, гэтая тэндэнцыя
захаваецца, бо вядома, што калі ў арганізацыю прыходзяць маладыя людзі,
то ў яе ёсьць пэрспэктывы. Хацелася б зрабіць больш, але пазыцыя ўладаў
гэтаму не спрыяе. Мы некалькі разоў спрабавалі зарэгістраваць гарадзкую
аранізацыю, але кожны раз атрымлівалі адмовы. Прычына банальная і
знаёмая многім грамадзкім арганізацыям краіны - неабходны юрыдычны
адрас. Мы знайшлі памяшканьне, прынесьлі дамову арэнды. Аднак нам
паведамілі, што трэба прынесьці даведку, што менавіта ў гэтым
памяшаньні зарэгістраваны юрыдычны адрас арганізацыі. Пры гэтым
арэндадаўцу выклікалі ў выканкам і загадалі такую даведку не даваць.
Атрымліваецца замкнёнае кола.
Рэгістрацыя гарадзкой арганізацыі
дазволіла б нам легальна працаваць зь людзьмі, пашырыць сетку
кантактаў. Дарэчы, адмова зарэгістраваць нас была адной з прычынаў
таго, што Міжнародная арганізацыя працы ініцыявала ўвядзеньне
эканамічных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі.
Што тычыцца нашай
ролі ў вырашэньні сацыяльных праблемаў, то незалежны прафсаюз выконвае
важную функцыю. У Беларусі гэта адна зь нешматлікіх сілаў, якая рэальна
працуе ў галіне абароны правоў працоўных. У 2007 годзе мы правялі каля
20 судоў па справах працоўных. Большасьць зь іх мы выйгралі,
прадпрыемствы выплацілі каля 20 млн. рублёў у якасьці кампэнсацыі
працоўным. Калі б прафсаюзы ва ўсёй краіне былі незалежныя, магчыма,
цяпер бы мы мелі зусім іншую ўладу ў краіне. У Беларусі актыўнасьць
людзей стрымліваецца кантрактнай сыстэмай, пасьля ўвядзеньня якой у
нашыя шэрагі ўступае куды менш людзей, чым раней. Людзі баяцца, што іх
звольняць. Вось і атрымліваецца, што незалежны прафсаюз па ўсёй
Беларусі цяпер мае толькі каля 12 тысячаў актывістаў.
Улады нас
не рэгіструюць, з намі не працуюць. Аднак сам-насам многія чыноўнікі
кажуць: "Мы разумеем вас, вы робіце добрую справу. Але ж, прабачце,
ёсьць загад". То бок яны самі разумеюць, што роля прафсаюзу - абараняць
інтарэсы працоўных, і ў незалежных прафсаюзах Беларусі - не
"адмарозкі", а адэкватныя людзі. Спадзяюся, што са зьменай вышэйшага
кіраўніцтва краіны зьменіца і стаўленьне намэнклятурнай часткі да
працоўных, якія гатовыя адстойваць свае правы.
Галіна Верамейчык, Міжнародная грамадзкая арганізацыя "Адукацыя бязь межаў".
Рэалізаваць пляны ў 2007 годзе атрымалася ў цэлым адсоткаў на 60 ад чаканага.
Калі
казаць пра ролю нашай арганізацыі ў лякальным пляне - а дзейнасьць ГА
"Адукацыя бязь межаў" распаўсюджваецца на Менскую вобласьць, - дык яна
дастаткова важкая. Калі падыходзіць сыстэмна - шэраг праблемаў пад наш
уплыў не падпадае. Я б назвала сваю арганізацыю сярэднеўплывовай.
Як
Міжнароднае грамадзкае аб'яднаньне мы зарэгістраваныя ў Фаніпалі
Дзяржынскага раёну. Увогуле стаўленьне ўладаў канкрэтна да нас можна
назваць адносна нармальным. Не дапамагаюць, але і не замінаюць. Аднак
нашая дзейнасьць болей прадуктыўная ў Чэрвеньскім раёне. Мы зрабілі там
шмат чаго добрага, і ёсьць дамоўленасьці на 2008 год. Так што я лічу,
нашыя стасункі з уладамі значна палепшыліся.
Паводле часопісу "Асамблея", 2007, №1

